У Берасці скардзяцца на працу гарадскіх уладаў
У Берасці актывісты кампаніі «Гавары праўду» скардзяцца на працу гарадскога Савета дэпутатаў і гарадскога выканаўчага камітэта ў вышэйшыя інстанцыі.
З такою ініцыятывай грамадскага кантролю выступілі мясцовыя актывісты кампаніі «Гавары праўду».
Прыкладна год таму актывісты звярталіся да кіраўніцтва горада з прапановай прыняць доўгатэрміновую праграму капітальнай рэканструкцыі вуліц. Пытанне разглядалася ўвосень на сесіі мясцовага Савета дэпутатаў. У выніку прапановы актывістаў былі прынятыя, а распрацоўка праграмы доўжылася да канца 2013 года.
Як паведаміў Еўрарадыё актывіст «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі, са СМІ стала вядома, што ў мінулым месяцы план рэканструкцыі і рамонту дарог быў прадстаўлены старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціну Сумару. На думку Маслоўскага, найперш з гэтым планам павінны азнаёміцца усё ж такі жыхары горада.
Адпаведны запыт Ігар Маслоўскі накіраваў у Брэсцкі гарсавет і Брэсцкі гарвыканкам. Апроч плану рэканструкцыі актывісты намагаюцца, каб у вольным доступе з’явілася справаздача размеркавання сродкаў ад спецпадатку на рамонт дарожнага пакрыцця.
Крыніца: Еўрарадыё