Мікашэвічы: актывiсты «Гавары праўду» падказваюць уладам, што трэба рабіць
Мікашэвічскі актывіст Леанід Дубаносаў атрымаў адказ на калектыўны зварот
У Мікашэвічах дах дзіцячага садка №1 пад назвай “Чабурашка” патрабуе рамонту, бо садок рэгулярна залівае дождж. Але мясцовыя ўлады на скаргі бацькоў, дзеці якіх ходзяць у гэты садок, адказваюць, што на рамонт даху няма грошай.
Дах як сіта. Вада цячэ паўсюль: у калідоры, спальні, пакоі для гульняў. Палову садка адключана ад электрычнасці – кіраўніцтва садка баіцца, каб каго не забіла токам.
Не так даўно пад час выбарчай кампаніі 15 праўладных кандыдатаў, і ў тым ліку старшыня гарвыканкама Анатоль Давыдовіч, абяцалі жыхарам Мікашэвічаў значна палепшыць сацыяльныя ўмовы. Актывіст кампаніі “Гавары праўду”, экс-кандыдат у гарадскі савет Леанід Дубаносаў адзначае:
— Але цяпер яны хаваюцца за кароннай фразай: “няма грошай”. Дык куды дзяваюцца грошы? Прадпрыемствы ўсе працуюць, заробкі выплачваюцца, з іх грошы адлічваюцца ў бюджэт. А іх чамусьці ўсё няма, а можа яны ідуць не туды, куды найбольш патрэбны.
І іншыя садкі ў Мікашэвічах не ў лепшым стане, дадае Л. Дубаносаў.
Крыніца: «Праваабарончы цэнтр «Вясна»