Ганна Канюс: Народныя абраннікі, падобна, нічога не вырашаюць

Сергей Марцелев

Берасцейскі гарадскі Савет дэпутатаў праігнараваў зварот грамадзян адносна неабходнасці будаўніцтва дзіцячага гарадка.

Актывісты кампаніі ’’Гавары Праўду’’ накіравалі да абраннікаў народу больш за тысячу подпісаў грамадзян. Дэпутаты не прапанавалі ўласнае вырашэнне сітуацыі ў пытанні адсутнасці месца для баўлення часу з дзецьмі ў мікрараёне Усход. Яны спаслаліся на рашэнне, якое нібыта даслала грамадзянам мясцовая ўлада, – распавяла актывістка кампаніі ’’Гавары Праўду’’ Ганна Канюс:

— Мы звярталіся да Берасцейскага савета дэпутатаў з просьбай патлумачыць пазіцыю Берасцейскага гарсавета, наогул улады адносна таго, наколькі яны зацікаўлены і наколькі яны лабіруюць гэтае пытанне, наколькі яны арыентуюцца ў гэтай праблеме. Цікавы быў адказ, мне ўжо прыйшоў адказ ад гарвыканкама. Атрымліваецца, што Берасцейскі гарадскі савет дэпутатаў не мае сваёй пазіцыі, а проста інфармуе, што мне нешта ўжо адказалі з выканаўчай улады.

Узнікае сур’ёзнае пытанне, адносна таго, наколькі дэпутаты зацікаўленыя ў вырашэнні праблемаў сваіх выбаршчыкаў, – дадала Ганна Канюс. Яна адзначыла, што не зразумела, ці збіраюцца ўвогуле народныя абраннікі прадстаўляць інтарэсы грамадзян, калі іх не турбуюць іх лакальныя праблемы.

«Беларускае Радыё Рацыя»

Брест