Горадня: у гэтым доме жыў Быкаў!

drako

Каля гарадзенскіх дамоў, дзе жыў беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, актывісты кампаніі «Гавары праўду» ўсталявалі памятныя шыльды.

Пра акцыю расказвае Зміцер Бандарчук, кіраўнік грамадскай ініцыятывы па Гарадзеншчыне:

«Акцыя ўжо зрабілася традыцыяй, мінулагодняя была большая. Тады Уладзімір Някляеў перадаў сваю прэмію гарадзенскаму музею Васіля Быкава. А сёлета акцыя ўключала таксама экскурсію па музеі Быкава».

Музей Быкава ў Горадні — гэта маленькі пакойчык на 13,5 метраў, які месціцца на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Савецкая.

«Падчас мінулагодняй акцыі, — працягвае Зміцер, — умацаваныя намі шыльды правіселі месяц, а колькі правісяць сёлета, пакажа час».

А два гады таму актывісты «Гавары праўду» перадалі ў Гарадзенскі гарвыканкам больш за 7 тысяч подпісаў жыхароў горада за тое, каб адна з цэнтральных вуліц называлася імем Васіля Быкава. Аднак рашэння пра перайменаванне вуліцы да сённяшняга дня няма.

Крыніца: Будзьма разам!

Гродно