У Берасці збіраюць подпісы за рамонт дарог
За рамонт дарог у мікрараёне Граеўка пачалі збор подпісаў у Берасці. Ініцыятарамі выступілі грамадзяне сумесна з актывістамі кампаніі “Гавары праўду”.
Вынікі рамонту дарог падводзяць актывісты кампаніі “Гавары праўду” ў Берасці. На дадзены момант завяршаецца рамонт праезду, які злучае вуліцу Жукава і вуліцу Ракасоўскага. Такі рамонт адбыўся дзякуючы сацыяльнай кампаніі “Тысяча і адна ямка”.
Актывіст кампаніі “Гавары праўду” Ігар Маслоўскі спадзяецца, што да канца года працы будуць цалкам завершаныя, а жыхары мікрараёну задаволеныя новымі дарогамі:
— Маем надзею, што ўсё ж да пачатку маразоў усе працы на гэтай тэрыторыі будуць выкананыя, і людзі ад гэтага атрымаюць задавальненне – атрымаюць і тратуарныя сцяжынкі, і новыя добрыя дарогі. Гэта наш вынік – вынік нашай працы, якую мы пачалі сёлета на пачатку сакавіка.
У рамках кампаніі “Тысяча і адна ямка” ўвесну гэтага года было сабрана намаганнямі актывістаў кампаніі “Гавары праўду” разам з жыхарамі мікрараёну Паўднёвы больш за тысячу подпісаў.
Беларускае Радыё Рацыя