Караткевіч у Брусэлі: Вядома, мы задаволеныя вынікамі выбараў
Андрей Горлов
Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч правяла шэраг сустрэчаў у Брусэлі з дарадцамі Эўрапейскага парлямэнту. Пасьля сустрэчаў яна адказала на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода.
Радыё Свабода: Як Вы ўспрымаеце вынікі выбараў і ці задаволеная Вы гэтымі вынікамі?
Тацяна Караткевіч: Канечне, задаволеная, таму што Тацяна Караткевіч — гэта новы палітык, які атрымаў падтрымку ў першую чаргу тых людзей, пра якіх мы сёньня кажам «новая большасьць». Па пратаколах нашых назіральнікаў з «Права выбару» я мела вельмі жывыя лічбы — ад 15 да 35 адсоткаў. Мы таксама лічым посьпехам тое, што мы прадставілі альтэрнатыўную ідэю і праграму мірных пераменаў. Мы таксама давялі да людзей, што Беларусь павінна быць нэўтральнай, і мы лічым, што гэта наша заслуга, бо мы ўключылі гэты пункт у праграму і даводзілі да людзей гэтую тэму. І канечне мы лічым посьпехам тое, што мы мабілізавалі грамадзянаў на тое, каб яны цікавіліся палітыкай. Сёньня яны кажуць, што гатовыя далей нас падтрымліваць, цікавяцца, які ў нас плян дзеяньняў і што мы зьбіраемся рабіць.
Радыё Свабода: Як Вы ацэньваеце тое, што Эўразьвяз прыпыняе санкцыі? На Вашу думку, ці гэта добрая ідэя, ці ад гэтага выйграе толькі Лукашэнка?
Тацяна Караткевіч: Для мяне галоўнае ў гэтым кроку, які зрабіў Эўразьвяз, — гэта магчымасьць нашай краіне разьвівацца. Калі тое, што прыпыняцца санкцыі, будзе ўплываць на тое, каб адбыліся рэформы ў эканоміцы і ў палітычнай сфэры, адукацыі, дык гэта будзе добра для краіны, якая сёньня знаходзіцца ў крызісе. Але мы таксама лічым важным для Эўрапейскага Зьвязу падтрымліваць два кірункі супрацы зь Беларусьсю. Першае гэта афіцыйная ўлада, а другое гэта грамадзянская супольнасьць. Таму што сапраўды ўстойлівае разьвіцьцё можа забясьпечыць толькі разьвітая грамадзянская супольнасьць. Мы лічым, што варта засяродзіцца на гэтых двух кірунках супрацы і ствараць як мага больш магчымасьцяў, каб гэтыя кірункі перасякаліся, каб быў сапраўдны дыялёг.
Лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў выказалі задавальненьне, што апазыцыя прайшла ў парлямэнт, і абвясьцілі пра пачатак ад сёньняшняга дня наступнай выбарчай кампаніі — прэзыдэнцкай
У Вілсанаўскім цэнтры ў Вашынгтоне былая кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч паўдзельнічала ў сустрэчы з амэрыканскімі экспэртамі. У сустрэчы таксама браў удзел начальнік яе выбарчага штабу Андрэй Дзьмітрыеў і былы пасол ЗША ў Беларусі Кенэт Ялавіц