«Мая кандыдатура не задавальняе сельсавет, бо я лічуся там «апазыцыянэрам»
Андрей Горлов
Ігар Грышанаў, старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага раёну, актывіст «Гавары праўду», адмовіўся ад сваёй пасады.
Кожнаму земляку ён даслаў кароткае тлумачэньне свайго ўчынку:
«На працягу 2016 году мяне 23 разы выклікалі ў міліцыю, вінавацілі ў прысабечваньні зямлі, у самаўпраўстве і іншых парушэньнях заканадаўства. Усе „парушэньні“ зьвязаныя з тым, што я спрабаваў заступіцца за аднавяскоўцаў. У красавіку 2015 году жыхары Стаўроў чарговы раз абралі мяне старэйшынам вёскі, але Бабініцкі сельсавет іхнага рашэньня не прызнаў. Я працаваў на падставе заканадаўства аб мясцовым самакіраваньні, але цяпер зразумеў, што не хачу займаць пасаду ў дзяржаўнай сыстэме. Няхай я ня буду называцца старэйшынам, але мне нішто не перашкодзіць вырашаць праблемы землякоў, як і раней».
На старэйшыну спадара Грышанава абіраюць яшчэ з 2004 году. За гэты час ён дамогся, каб у вёсцы правялі вадавод, газ, зрабілі дарогу — і таму многія аднавяскоўцы вярнуліся ў хаты сваіх бацькоў.
Вяскоўцы ня раз ладзілі суботнікі па добраўпарадкаваньні, усталявалі помнік тым, хто загінуў у час Другой сусьветнай вайны.
Ігара Грышанава абвінавацілі ў самаўпраўстве і захопе зямлі, калі ён на ўласныя сродкі абсталяваў аўтобусны прыпынак — зрабіў паветку, каб людзі не чакалі транспарту пад дажджом і сьнегам.
Не ўдалося вяскоўцам абараніць ад зносу будынак клюбу, які належаў Аршанскай птушкафабрыцы. Гэта быў адзіны грамадзкі будынак на тры вёскі Бабініцкага сельсавету — Стаўры, Нарэйкава і Сьвісьцёлкі. Тут ладзілі канцэрты, сходы, сустрэчы з дэпутатамі, аршанскія лекары праводзілі прыёмы. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства прызнала будынак аварыйным і немагчымым для далейшага выкарыстаньня. Калі вяскоўцы даведаліся пра намер зьнесьці клюб, яны зьвярнуліся да кіраўніцтва птушкафабрыкі, каб тыя перадалі ці прадалі ім будынак. Зьвярталіся ў Аршанскі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам, зноў пісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Аднак улетку 2014-га клюб зруйнавалі бульдозэрам — гэтаксама як у мінулыя гады будынак крамы і бібліятэкі.
Дзяржаўная сыстэма зрабіла людзей бяспраўнымі, лічыць Ігар Грышанаў:
«Паводле Палажэньня аб старэйшынах населеных пунктаў Бабініцкага сельсавету, зацьверджанага ў 2010 годзе, старэйшына абіраецца на сходзе жыхароў вёскі тэрмінам на 2 гады са сталых жыхароў. Старэйшына лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш за палову грамадзян, прысутных на сходзе, прычым у сходзе павінны ўдзельнічаць ня менш як 25% грамадзян, якія стала пражываюць на дадзенай тэрыторыі. На апошнім сходзе было 50% вяскоўцаў, і ўсе яны аднагалосна выступілі за абраньне старэйшынам мяне. Аднак мая кандыдатура не задавальняе сельсавет, бо я лічуся там „апазыцыянэрам“. Цяпер тое самае кажуць і на вяскоўцаў: калі яны падтрымліваюць мяне, значыць, і яны — „апазыцыя“. Я дапусьціць гэтага не магу — каб праз тое, што я старэйшына, цярпелі людзі, якія мне даверыліся. Лепш я сам пакіну гэтую пасаду, але па-ранейшаму буду дапамагаць у вырашэньні праблем сваім аднавяскоўцам».
Яго вызвалілі з ІЧУ пасля 72 гадзін затрымання, але падазраюць у злачынстве паводле артыкулу 211, частка 1 Крымінальнага кодэксу («Прысваеньне або растрата маёмасьці асобай, якой яно даверана»)