Слуцкая міліцыя афіцыйна папярэдзіла грамадскую актывістку Зінаіду Цімошак аб недапушчальнасці арганізацыі мітынгу пад час саміту
drako
Супрацоўнікі міліцыі пазванілі ў дзверы, дзе пражывае жанчына вечарам 23 кастрычніка, і прапанавалі адчыніць дзверы. Патлумачылі, што прынеслі позву з’явіцца да начальніка Слуцкага РАУС за афіцыйным папярэджаннем.
Паколькі ў пад’ездзе з-за перагарэўшай лямпачкі было цёмна, случчанка дзверы не адчыніла. Некаторы час размова ішла праз зачыненыя дзверы. Зінаіда Вячаславаўна папрасіла міліцыянтаў не грукаць у дзверы вечарамі, паколькі яна не з’яўляецца ні злодзеем, ні забойцам, і прыносіць позвы ў міліцыю сярод дня.
Як паведаміла Зінаіда Цімошак, адзін з ганцоў быў знаёмы. За дзвярыма таптаўся высокі міліцэйскі чын: начальнік аддзела аховы грамадскага правапарадку Шклярэўскі Дзмітрый Міхайлавіч.
Гаворыць Зінаіда Цімошак:
— Я сказала, што не выйду ў калідор, бо ў калідоры было цёмна і папрасіла, каб пакінулі ў паштовай скрынцы сваю павестку. Доўга не згаджаліся, але ўрэшце яны пайшлі, папярэдзіўшы, што мяне вызывае сам начальнік Слуцкага РАУС Віктар Гурыновіч і каб у 9 гадзін раніцы 24 кастрычніка я прыйшла ў РАУС.
24 кастрычніка ў 9 гадзін раніцы той жа самы начальнік аддзела аховы правапарадку ўручыў мне афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці арганізацыі, альбо асабістага ўдзелу ў масавых мерапрыемствах ў горадзе Мінску з 24-га па 28-га кастрычніка 2013г. Дакумент падпісаны начальнікам Слуцкага РАУС.
Я доўга не магла ўцяміць, чаго яны ад мяне хочуць, бо ехаць у Мінск і бегаць там са сцяжкамі я і не планавала. Пасля да мяне дайшло, што гэта папярэджанне зроблена з нагоды паседжання Рады кіраўнікоў МЗС краінаў СНД, якое пачынаецца ў Мінску 24 кастрычніка.
Дагэтуль я не разумела, што мая дапамога людзям у напісанні кляўз па праблеме бяспекі дзіцячых пляцовак, ачысткі Случы ад ціны можа мець пагрозу для сустрэчы прадстаўнікоў стран СНД.
Самае смешнае, што з гэтага папярэджання вынікае, што праводзіць падобныя мерапрыемствы я магу ў любых гарадах Беларусі, апрача Мінска.
Паколькі асноўны мой занятак – рабіць, каб людзям было ўтульней жыць у Слуцку, я скарыстала свой вымушаны паход у міліцыю для напісання прапановы ў іхнюю Кнігу скаргаў і прапаноў.
У сувязі з тым, што я не адкрыла міліцыянтам дзверы з-за цемнаты ў пад’ездзе, я прапанавала аддзелу аховы правапарадку ў мэтах прафілактыкі правапарушэнняў абавязаць кіраўніцтва ЖКГ падтрымліваць асвятленне ў пад’ездах у належным стане.
Запіс зрабіла на беларускай мове і чакаю адказу на беларускай мове. Спецыяльна для практыкі міліцыянтаў у роднай мове, бо той жа Дзмітрый Шклярэўскі паскардзіўся, што беларускую мову практыкуе толькі на вёсцы ў сваёй бабулі.
Дарэчы, пад час налёту міліцыянтаў на Казловічскі дом культуры я ледзве не на каленях прасіла начальніка аховы правапарадку Слуцкага РАУС Шклярэўскага Дзмітрыя Міхайлавіча не чапаць, не весці допытаў пенсіянераў, якім больш за 70 гадоў.
На днях ад начальніка філіялу КУП “Мінскаблдарбуд” Драгана Д. В. я атрымала адказ на мой зварот у райвыканкам па праблеме неабходнасці асфальтавання ўчастка дарогі Слуцк – Жукі.
Гомельская міліцыя не пакідае ў спакоі актывіста «Гавары праўду!» Кастуся Жукоўскага. Па яго словах, 2 лістапада непадалёк ад яго дома цэлы дзень дзяжурыў міліцэйскі аўтамабіль, у якім знаходзяцца пяць супрацоўнікаў у форме.