«Тое, што цяпер адбываецца, гэта не толькі пра палітыку, але і пра базавыя чалавечыя каштоўнасці»

Андрей Горлов

Лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў прыняў удзел у дыскусіі ў рамках пляцоўкі «Дыялогі пра важнае». Яе заснавальніцай стала Наталля Трафімава — бухгалтар з праўладнымі поглядамі.

Разам з Андрээм Дзмітрыевым ў дыскусіі прынялі ўдзел эканаміст Яраслав Раманчук і інвестар Валеры Астрынскі, які з’яўляецца дэлегатам «Сходу» па Іўеўскім раёне.

«Арганізатары лічаць, што трэба размаўляць, — кажа Андрэй Дзмітрыеў. — Звярнуліся да мяне, ці гатовы я паўдзельнічаць. Напісалі мне спіс удзельнікаў, я сказаў, што гатовы».

Праўладны бок прадстаўлялі дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, аналітык Аляксей Аўдонін і прадстаўнік афіцыйных прафсаюзаў Дзмітрый Швайба.

«Тэмай былі эканоміка і пратэсты. Ніякай прэмадэрацыі не было, не ставілі ўмовы, што казаць, а што не. Сустрэча адбывалася ў актавай зале МІТСО, на сустрэчу прыйшло чалавек пяцьдзясят. Той бок адстойваў пазіцыю, што ў нас усё добра або, прынамсі, не горш, чым у астатніх. А пратэсты — гэта быў мяцеж, які, дзякуй богу, удалося задушыць. Наша пазіцыя супрацьлеглая. Мы казалі, што цяпер у эканоміцы вельмі цяжкія часы, прымаюцца рашэнні, якія прымушаюць людзей адсюль з’язджаць, закрываць бізнэс. Мы ж бачым, што ўсё менш людзей адкрываюць ІП», — кажа Дзмітрыеў.

Далей гаворка зайшла пра пратэсты. «Галоўным інвестарам пратэстаў стала сама ўлада, якая з пагардай ставіцца да людзей. Тое, што цяпер адбываецца, гэта не толькі пра палітыку, але і пра базавыя чалавечыя каштоўнасці. Дыскусія была добрай. Тэлеканалу «БелРос» я сказаў, што такія спрэчкі павінны быць штодня на нацыянальных каналах, дзе мы маглі б казаць праўду і адстойваць свае пазіцыі».

Ці клічуць цяпер Дзмітрыева на ТБ? «Не, апошні раз клікалі 9 верасня. Пабачылі маю пазіцыю і зразумелі, што больш клікаць не будуць. Цяпер там апазіцыяй выступае Васкрасенскі. Гэтая ж спрэчка паказвае, што нават людзі на тым баку, калі яны трошку думаюць, то разумеюць, што падзел грамадства вельмі небяспечны і трэба ўсім размаўляць».

«Наша Ніва»


, , , , , ,
Минск