“Гавары праўду” дапаможа аднавіць працу міні-рынка ў Бялынічах
Бялыніцкія камунальнікі ліквідавалі міні-рынак, які шмат гадоў існаваў у гарадскім пасёлку на вуліцы Калініна паблізу ад яе скрыжавання з вуліцай Ленінскай.
За аднаўленне міні-рынка ў Бялынічах настойліва змагаліся мясцовыя пенсіянеры і ўладальнікі прысядзібных гаспадарак, якія прадавалі на міні-рынку разнастайную сельскагаспадарчую прадукцыю ўласнай вытворчасці. Дапамагалі людзям у іх барацьбе за аднаўленне міні-рынка ў гарадскім пасёлку мясцовыя актывісты “Гавары праўду”, якія падрыхтавалі неабходны зварот у райвыканкам.
Неабходна адзначыць, што пасадзейнічаў аднаўленню міні-рынка ў Бялынічах старшыня Бялыніцкага райвыканкама Мікалай Кадаценка. У снежні 2013 года на прыёме грамадзянаў ён паабяцаў бялыніцкім ветэранам працы, што вясной праца міні-рынка на вуліцы Калініна будзе абавязкова адноўлена і слова сваё стрымаў.
Добра папрацавалі і бялыніцкія камунальнікі, зараз гандлёвы павільён выглядае нашмат прывабней, чым гэта было раней.
— Заўсёды прыемна, калі ўлада рэагуе на звароты людзей і ўлічвае іх патрэбы, — выказвае меркаванне каардынатар “Гавары праўду” па Бялыніцкаму раёну Пётр Шымбалёў. – Жыхары Бялыніч зноў могуць набыць патрэбныя ім тавары з уласных падворкаў па дарозе з працы на абед, альбо пасля заканчэння працоўнага дня. Змогуць атрымаць і дадатковыя даходы да сваёй невялікай пенсіі і бялыніцкія пенсіянеры, якія звычайна прадаюць сваю прадукцыю ў зручным месцы на вуліцы Калініна.
Ірына Беганкіна
www.zapraudu.by