У Бабруйску адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы
Людзі, якія дбаюць пра беларускую мову, напісалі дыктоўку і ўзялі ўдзел у розных конкурсах.
Слуцкія актывісты адзначылі 95-годдзе БНР своеасаблівым “урокам беларускай мовы”. Сярод арганізатараў мерапрыемства — дэпутат «Грамадзянскай дамовы» Аляксандр Солап.
16 актывістаў напісалі сімвалічную дыктоўку, прысвечаную памяці Кастуся Каліноўскага, а таксама сустрэліся з паэтэсай Галінай Каржанеўскай. Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікі “урока” падпісалі віншавальныя паштоўкі палітвязням і ўсклалі кветкі на магілу Альгерда Абуховіча.
Ідэя беларускага нацыянальнага адраджэння не чужая для слуцкіх грамадскіх актывістаў.
1 сакавіка 2013 года група грамадзян колькасцю 31 чалавек звярнулася ў райвыканкам пісьмова з просьбай выдзеліць якое-небудзь памяшканне для напісання беларускамоўнай дыктоўкі. Належны адказ ў пісьмовай форме да гэтага часу блукае невядома дзе. Толькі пасля паходу ў райвыканкам удалося атрымаць адказ, у якім гаворыцца, што прадаставіць памяшканне заяўнікам немагчыма, паколькі ўсе памяшканні працуюць адпаведна складзеным графікам.
Пабывалі актывісты і ў гарадской бібліятэцы. Дырэктар бібліятэкі адназначна заявіла, што бібліятэка плануе мерапрыемствы ў снежні наперад на цэлы год, а ініцыятывы грамадзян у планаванні мерапрыемстваў магчымы толькі з дазволу райвыканкама.
Прыйшлося ладзіць свята як заўсёды: на прыватнай кватэры, у вузкім коле аднадумцаў, без запрашэння жыхароў горада.
Прысутнічалі 16 случчан. Сярод іх былі і людзі, якія не з’яўляюцца сябрамі партый і арганізацый, але перажываюць за становішча роднай мовы.
Спачатку случчане напісалі дыктоўку, тэкст якой быў узяты з адозвы Кастуся Каліноўскага да мужыкоў і надруканы на сайце “Рэспубліканскага таварыства беларускай мовы”.
Пасля паэтэса Галіна Каржанеўская, якая нарадзілася на Случчыне, чытала на роднай мове вершы і адказвала на пытанні сваіх землякоў.
Успомнілі нераўнадушныя грамадзяне і пра тых, хто сядзіць ў турмах за свае погляды. Больш за 20 віншавальных паштовак з нагоды 95-годдзя БНР і з пажаданнем мужнасці былі накіраваны на адрасы турмаў, дзе сядзяць палітвязні.
Напрыканцы мерапрыемства грамадскія актывісты пабывалі на магіле Альгерда Абуховіча, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, паклалі чырвона-белыя гваздзікі побач з помнікам.
Анатоль Болазь, жыхар Слуцка, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад “урока”:
— Я першы раз быў на такім мерапрыемстве і вельмі рады, што прыняў удзел. Мне было цікава ўсё: і дыктоўка, і сустрэча з Галінай Каржанеўскай, і іньшае. Хацелася, каб такія сустрэчы і далей адбываліся ў Слуцку. Чэсна кажучы, беларускую мову ў сваім асяроддзі я не чуў ужо, можа, гадоў 30. Прагучалі вельмі прыгожыя вершы, мілагучная беларуская мова паэткі кранула за душу”.
Зінаіда Цімошак, zapraudu.by