Яшчэ адзін актывіст «Змены» арыштаваны на 15 сутак
Актывіст «Зьмены» Ягор Віняцкі арыштаваны на 15 сутак. Пра гэта паведаміла Свабодзе маці актывіста Аляксандра Віняцкая.
10 красавіка — 40 дзён па Рыгору Барадуліну. Сёння ён рушыў, як напісаў у адным са сваіх вершаў і як сябры назвалі выдадзеную да ягоных саракавінаў кнігу, у неба пехатою…
…На ўзыходзе сонца мы стаялі на ўзлеску пад Каралішчавічымі і глядзелі на мураша, які бегаў па пні ўчора спілаванай сасны. Ён бег і бег кругамі па колцах дрэва, пашыраючы кругі ад стрыжня да абалоні, не падбіраючы нічога ні для сябе, ні для мурашніка — і немагчыма было вызначыць мэту гэтага бегу.
“Гады лічыць”, — сказаў Барадулін.
Для яго было зусім натуральна, што мураш, бегаючы па колцах на пні спілаванага дрэва, лічыць гады, якія яно пражыло. Бо сапраўдны паэт — гэта цэласнае ўяўленне свету. Непадзельнае ў вялікім і малым, чалавечым і мурашовым — у жыцці і смерці.
“Смерці няма”, — сказаў ён напрыканцы жыцця.
Калі на Бутаўскіх кладах у Вушачах хавалі ягоную маці, ён, тады яшчэ малады, адышоў ад магілы і стаў кідаць у неба сасновыя шышкі. Немагчыма было вызначыць мэту гэтага дзеяння — як бег мураша па крузе. Але на небе быў Бог. А ў зямлю апускалі маці.
Пасля ён напіша, што маці — суперніца смерці. І выдыхне вершы з выяўленнем такой любові да жанчыны, якая падаравала яму жыццё, такога жалю праз яе страту, якіх ніхто ў паэзіі да яго не выяўляў.
У фізічных высілках чалавек здольны не на шмат большае, чым мураш. Калі нават нешта закіне ў неба. А ў высілках духоўных ён можа наблізіцца да Бога.
“Паэт будуе сам сябе, як храм…” — сказана Барадуліным не ў маладосці — на схіле веку. Калі ўжо з’явілася адчуванне, што ён “адзін, як час”.
Да зоркі лёсуПазычаным ценемПрывязаны,Я пасуся тут…
Хвароба, якая ў апошнія гады бязлітасна яго згрызала, адбірала рухі, адбірала рукі — не закранула дух, розум, талент. Бог не даў. Абараніў свайго абранца. І да апошняга радка, да апошняга свайго выдыху Рыгор Барадулін — светлы, ясны, высокі, пранізлівы. Паэт неверагоднай сілы і красы. Найпершы паэт крывіцкай мовы, чарадзей беларускага слова.
Калі яго апускалі ў зямлю, клалі побач з маці, сонца ўжо схавалася — і над кладамі, над вершалінамі соснаў хутка-хутка ўзышоў, нібы ўскрыліў, маладзік. Не выпадкова ўскрыліў: першая кніга Рыгора Барадуліна пазначаная маладзіком. Бог пра гэта не забыўся. І новенькі, толькі што адкаваны серпік маладога месяца здаваўся залатой прыступкаю, стаўшы на якую Барадулін і пайшоў ад нас. Так, як звык: пехатаю. Туды, дзе ягоная маці Куліна, ягоныя сябры Быкаў і Караткевіч: у неба.