Гарадоцкія актывісты «Гавары праўду» задаюць пытанні да ўлады
У раённым цэнтры Гарадок, што на Віцебшчыне, мясцовыя актывісты вырашалі распачаць новы год, задаўшы ўладзе свае «100 пытанняў».
Аляксандр Мікулін, актывіст кампаніі «Гавары праўду» і Анатоль Гнеўка, старшыня абласнога аддзялення «Рэспубліканскай арганізацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭМ, ветэран БСДГ (Грамада), накіравалі ліст у віцебскія гарсавет і гарвыканкам.
Актывісты звярнуліся да кіраўнікоў гэтых структур з прапановай размясціць на сайце віцебскага гарвыканкаму інфармацыю пра бюджэт горада на 2013 год і размеркаванне бюджэтных сродкаў.
Спадары Гнеўка і Мікулін пішуць пра тое, што хочуць рэалізаваць свае грамадзянскія правы, перадусім права на валоданне аб’ектыўнай інфармацыяй. Актывісты незадаволеныя тым, што з газеты «Віцьбічы», дзе надрукавана рашэнне пра бюджэт горада, нельга зразумець, куды мусіць сысці значная частка бюджэтных грошай. Таксама яны нагадваюць, што жыхары Віцебска плацяць падаткі ў бюджэт, але ніхто ніколі не пытаецца іхнага меркавання, як распараджацца гэтымі грашовымі сродкамі.
«Нам трэба ведаць канккрэтна, куды і як пойдуць грашовыя сродкі, на тую ці іншую сацыяльна значную для Віцебска праграму. Мы, жыхары Віцебска, выконваем свой абавязак у поўным аб’ёме. Спадзяемся, што і гарадскія ўлады ў поўнай меры выканаюць свае абавязкі і дадуць нам магчымасць бесплатна пазнаёміцца з рашэннем Віцебскага гарсавета дэпутатаў адносна бюджэта на 2013 год», — гаворыцца ў лісце.
Крыніца: інтэрнет-сайт «Вясна»