Жыхары вёскі Ветка звярнуліся за дапамогай да дэпутатаў «Грамадзянскай дамовы»

drako

У вёсцы Ветка Слуцкага раёна мясцовае РайПО, выконваючы сацыяльныя стандарты, знішчыла ўсе культурныя набыткі савецкіх часоў — клуб і краму. Тое разбурэнне выглядае, як сімвал канца света. Актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” змагаюцца зараз за інтарэсы вяскоўцаў.

У вёсцы Ветка Слуцкага раёна ў сельскім савеце зарэгістрараваны 138 жыхароў. Па цяперашніх мерках гэта не так і мала. Вясковыя жыхары, прывыкшыя да нялёгкага сялянскага жыцця, цярпліва зносілі ўсе нягоды. Некалькі гадоў таму каля будынка крамы была пабудавана прыгожая царква. Яны існавалі як здабыткі сацыяльнай культуры з незапамятных савецкіх часоў.

— Злосны жарт з сялянамі нядаўна адыгралі “сацыяльныя стандарты”, згодна з якімі дзяржаўныя крамы павінны існаваць толькі ў вёсках, дзе пражываюць больш за 200 чалавек. Да таго ж нізкая заработная плата сельскіх прадаўцоў не вабіла да сябе жадаючых пастаяць за “бясплатна” за прылаўкам, і на некаторы час тая гандлёвая кропка засталася без прадавачкі.

Слуцкае РайПО не стала забіваць сабе галаву пошукамі новай і прыняла “саламонава рашэнне”: зруйнаваць клуб і краму. Да таго ж ліквідацыя будынкаў адбылася без ведама саміх жыхароў, старшыні сельскага выканкама і нават старшыні мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Прайшоў амаль год з тае пары, але мясцовыя жыхары ніяк не могуць прывыкнуць да новых умоў жыцця і новага “краявіду”: напаўразбураны фундамент ператвораны ў вялізны сметнік, а на яго тле велічна ўзвышаецца царква. Чалавек з уражлівай псіхікай можа тут згледзець сімвалы Апакаліпсісу.

Галіна Антонаўна Шостак, пенсіянерка, з роспаччу расказвае пра жыццё без крамы:

— Я ўжо 45 гадоў жыву тут, але такога ліхалецця яшчэ не бачыла. Магазін выглядаў дабротна: драўляны, але абкладзены кірпічом. Калі чалавек захацеў, тады і схадзіў. Быў выбар тавараў. Весялей было жыць. А цяпер стаім, як жабракі, у чарзе за хлебам. Здараецца, нават запалак не хапае на ўсіх. Народу шмат у чэргах, трэба чакаць і пад адкрытым небам, і ў дождж, і ў вецер, і ў снег.

Яе падтрымлівае Леанід Антонавіч, таксама пенсіянер:

— Ад нас нідзе нічога не залежыць. Прыйшло ў галаву начальству, прыехалі, разбурылі, знішчылі, пагоршылі жыццё.

Старшыня аддзела гандлю Слуцкага райвыканкама Ніна Кракасевіч патлумачыла падзею без усялякіх эмоцый:

— Будынак знесла РайПО з прычыны дрэннага становішча будынка. Сацыяльны стандарт — адзін магазін на 200 двароў. У Ветцы няма 200 двароў. Калі які-небудзь прыватны прадпрымальнік захоча там пабудаваць нешта – пасля адпаведнай заявы выдзелім участак.

Па іншаму паставіўся да знішчэння будынкаў крамы і клуба старшыня філіяла ПСХ “Слуцкі мясакамбінат” ААТ А. Сыцько:

— Ламаць – не будаваць. Я даведаўся пра знішчэнне будынкаў, калі іх ужо бурылі. Патэлефанавалі сяляне, але позна. Будынкі былі яшчэ добрыя. Шкада вяскоўцаў – цяпер яны ўжо ўсе нямоглыя, старыя, а раней працавалі ў нашым калгасе. Да крамы яшчэ сяк-так даходзілі. Выстаяць у непагадзь на вуліцы патрэбна добрае здароўе. Дарэчы, там пражываюць і мнагадзетныя сем’і. Трэба шукаць іньшыя шляхі эканоміі дзяржаўных сродкаў – не праз разбурэнне патрэбных будынкаў.

Cяляне вырашылі пазмагацца за свае правы. Дапамагае ім актывіст кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Cолап.

Пад калектыўным зваротам на імя старшыні Слуцкага райвыканкама і ў Адміністрацыю Прэзідэнта падпісаліся 70 чалавек. Вяскоўцы просяць адчыніць краму у пустым цагляным памяшканні дзіцячага сада. Спадзяюцца, садзік не паспеюць разбурыць да той пары, пакуль пытанне не разгледзіць высокае начальства.

Зінаіда Цімошык, zapraudu.by

,
Слуцк