Кампанія “Гавары праўду” адкрыла ў Гродне офіс дэпутата «Грамадзянскай дамовы» Змітра Бандарчука
Кампанія “Гавары праўду” адчыніла гродзенскі офіс дэпутата «Грамадзянскай дамовы» Змітра Бандарчука, удзельніка мінулых парламенцскіх выбараў.
У Гродне адметнасцю агітацыйнай кампаніі выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з’яўляецца адсутнасць якой-кольвек агітацыі як з боку праўладных, так і альтэрнатыўных кандыдатаў.
Выключэннем стала кампанія “Гавары праўду”, кандыдатам у дэпутаты якой з’яўляецца Зміцер Бандарчук. Магчымасцяў дайсці да выбаршчыкаў, на яго думку, вельмі мала.
– Мы сустрэліся з такімі ўмовамі, дзе мы не можам кантактаваць з людзьмі. Гэта ўмовы, на якія мы ніяк не можам паўплываць і пра гэта мы казалі назіральнікам АБСЕ. Казалі пра месцы на пікеты, і пра дэбаты, калі яны, нібыта, ёсць, але на дэбаты ніхто не ідзе. На сённяшні дзень толькі 2 асобы ў Гродне атрымалі грошы, каб рабіць агітацыйную прадукцыю.
Да іншых праблемаў агітацыі дадаецца адсутнасць дэбатаў у Гродне. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ярмошына тлумачыць гэта тым, што праўладныя кандыдаты ў іх не ўдзельнічаюць. Месцы для агітацыі, на думку кандыдата ад кампаніі “Гавары праўду” Змітра Бандарчука, такія, што людзі туды не ідуць.
А што да агітацыйных тумбаў, то наш карэспандэнт зафіксаваў, што адзіныя агітацыйныя плакаты, якія там былі, гэта плакаты Змітра Бандарчука. Гэтыя плакаты рэгулярна знішчаюцца.
Крыніца: Радыё Рацыя